ЧАРНІ́ГАЎСКАГА ПАЛКА́ ПАЎСТА́ННЕ,

узброенае выступленне дзекабрыстаў на Украіне супраць самадзяржаўя 10—15.1.1826. Рыхтавалася Паўднёвым таварыствам дзекабрыстаў, якое разлічвала ўзняць каля 50 тыс. салдат і афіцэраў. Пачалося заўчасна ў сувязі з паражэннем паўстання ў Пецярбургу і арыштамі дзекабрыстаў на Поўдні. Кіраўнікі: падпалк. С.І.Мураўёў-Апостал і падпаручнік М.П.Бястужаў-Румін. Першай паўстала адна рота Чарнігаўскага палка (у в. Трылесы на ПдЗ ад Кіева), да якой далучыліся інш. роты. Прынятыя царскімі ўладамі захады перашкодзілі паўстанцам злучыцца з рэв. настроенымі часцямі ў Кіеве і Жытоміры. 15.1.1826 Чарнігаўскі полк разбіты ўрадавымі войскамі каля г. Белая Царква. Мураўёў-Апостал і Бястужаў-Румін пакараны смерцю, 5 чал. прыгавораны да бестэрміновай катаргі, каля 100 салдат — да цялесных пакаранняў.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)